ЗАКАНАДА́ЎЧАЯ ЎЛА́ДА,
сістэма дзярж. органаў, якія маюць права выдаваць законы. Ў адпаведнасці з тэорыяй раздзялення ўлад адна з трох улад, якія ўраўнаважваюць у дзяржаве адна адну. У дэмакр. дзяржавах З.ў. можа ажыццяўляцца спец. заканадаўчымі органамі (парламент, мясц. заканадаўчыя асамблеі), а таксама і непасрэдна выбарчым корпусам (палітычна дзеяздольнымі грамадзянамі) шляхам рэферэндуму; ў некаторых выпадках і органамі выканаўчай улады — у парадку дэлегаванага заканадаўства. У Рэспубліцы Беларусь З.ў. належыць Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь.
т. 6, с. 504
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)